БЕЗАДВА́ЛЬНАЯ АПРАЦО́ЎКА глебы, рыхленне глебы спец. прыладамі без пераварочвання яе пластоў; адзін з агратэхн. прыёмаў глебаахоўнай сістэмы земляробства. Уключае апрацоўку глебы безадвальнымі чызельнымі плугамі і глыбокарыхліцелямі-пласкарэзамі, мелкую апрацоўку — культыватарамі-пласкарэзамі, супрацьэразійнымі і штангавымі культыватарамі. Выкарыстоўваецца пераважна ў зонах недастатковага ўвільгатнення, у стэпавых раёнах, на землях, схільных да ветравой эрозіі, і на схілах. Безадвальная апрацоўка знішчае пустазелле, павялічвае акультураны ворны слой без перамешвання яго, найменш разбурае структуру глебы, назапашвае вільгаць. Ва ўмовах Беларусі ўжываецца пры восеньскай асн. (глыбокай і мелкай) і перадпасяўной веснавой апрацоўцы глебы.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)